Гул вакзалаў у шкляным блакіце...

Гул вакзалаў у шкляным блакіце,
Бесканечнасць рэек пазнаю.
Паязды начныя, пакажыце
Станцыю маленькую маю...

Кружыцца бяроз густое кола
З дымам, з грукатам у глыбіні.
Ў густаце ляснога частакола
Гулкія праносяцца агні.

І мяне рукастаю вясною
Падхапіла з сцежкай карусель.
Тысяча зямель перада мною,
І за мною тысяча зямель.

Разумею са сваёй аглядкі
На дажджы, на дрэвы пад дажджом:
Шмат гадоў забралі перасадкі
З нейкім непатрэбным багажом.

Зноў бы мне туды, дзе восень паліць
Успамінаў жоўты лістапад.
Грэюцца ў тваіх кішэнях, памяць,
Дзве далоні, што глядзяць назад.

Аж да белых зор чагось чакаю,
Аж да белых зор кагось малю...
Пад шчакой, здаецца адчуваю
Станцыю маленькую маю.

Аляксей Пысін