Гудкі паравоза ў дрымоце начной...

Гудкі паравоза ў дрымоце начной
Зайгралі басамі баяна.
Акорды трывогі сягоння са мной,
Як песня, што ўжо адспявана.

Даўно адгрымеў на мастах эшалон,
Над сінню пранёсся крылата.
Пытаюся ў станцый: дзе наш батальён,
Скажыце, хто бачыў камбата?

Няма батальёна. Камбата няма.
Дывізіі хутка не стане.
Звальняе не старасць. На старасць дарма
Крыўдуем у часе расстання.

Сузор’і сплываюць у глыб сінявы,
Ў сузор’яў свае каляіны.
Апошні гвардзеец жывы, радавы
Нашчадкам раздасць успаміны...

Аляксей Пысін