Дзяжурны пакой машыністаў —
Агенцтва дарожных навін —
Аглушаны рыпам і свістам
Засмяглых ад рэйсаў машын.
Хаця скразнякі магістралі
Працялі яго да касцей,
Ён пільна ўглядаецца ў далі,
Ён новых чакае гасцей.
Пра ўсё, што людзьмі перажыта,
Разважным размовам тут быць.
І будуць навіны транзітам
Да станцый далёкіх спяшыць.
Дзяжурка ж — ураз анямее,
Хоць ты ў адзіноце крычы.
І доўга яе чырванеюць
Бяссонныя вочы ўначы…
Анатоль Грачанікаў