Чыгуначны вакзал няветла змоўк...

Чыгуначны вакзал няветла змоўк,
За кратамі дажджу марнее поўня,
Па лужынах плыве аўтобус позні,
Дрыжыць ліхтар і хочацца дамоў.

А дождж увесь са смутку і тугі.
Даўно прайшлі паштовы і таварны.
І, гледзячы праз цемру з-пад рукі,
Цягнік чакаеш, як выратаванне.

І ўжо ў вагоне, сеўшы ў куток,
Захочаш раптам, каб цябе сустрэлі
Твой брат малодшы, бацька пастарэлы,
Каб з варкатаннем лашчыўся каток.

І трызніць будзеш ты на ўсім шляху,
Каб любая у вочы паглядзела
Цнатліва і збянтэжана крыху
І каб была наперадзе нядзеля.

Хведар Гурыновіч