Беларускі вакзал у Маскве

Кандуктар прагаласаваў сцяжком –
І разлучыў з бацькоўскаю краінай...
Калі яе і ў добры час пакінуў, –
Да горла падступае жалю ком.

На верхняй лаўцы ўляжашся цішком –
Да поўначы няма душы спачыну:
Пра будучую марыш пуцявіну,
Варожыш пра нязнаны дом...

І вось ён, насціл на слупах высокіх,
Перон і смех масквічак яснавокіх...
Я з лёгкім сэрцам да людзей ступлю:
Тут і вакзал нам родны збудавалі,
Каб мы сябе як дому адчувалі,
Ступіўшы на маскоўскую зямлю!

Еўдакія Лось