Беларускай чыгунцы

Чыгунка Беларуская,
Трывожныя гудкі...
Твае тугія шпалы –
Пявучыя радкі.
У кожнага ці станцыя,
Ці хоць паўстанак ёсць,
Дзе пачалася, скончылася
Наша маладосць.
Мы не былі абражаны
Вакзальнай духатой
І цеснатой вагоннаю...
Абы не пехатой.
На станцыях ты шчодра нас
Паіла кіпятком
І частавала вішнямі,
А зрэдку і мядком...
Даруй, цябе ірвалі мы
І трушчылі на друз,
Калі да нас вазіла ты
Чужы смяротны груз.
Не па сваёй ахвоце,
Не па сваёй віне.
І ўсе пераканаліся,
Што гнеў жалеза гне...
А потым быў твой лепшы дзень,
Высокі зорны час,
Калі скрозь кветкі, слёзы, плач
З вайны ты везла нас.
Легендаю зрабіліся
Дні “рэйкавай вайны”,
На стыках зноў ты цокаеш
Абцасікам стальным.
Цяпер ты ўся інакшая,
Інакшы груз вязеш...
Ды часам, чарку выпіўшы,
“Зямлянку” зноў пяеш.
І ўсё адразу робіцца
Сардэчней і прасцей.
І для народа сцелеш ты
Вандроўную пасцель.

Аўтар: Пімен Панчанка, 1974